Светлый фон

Наколаты на бязглуздую стрэлку ваяўнічы капрал быў мёртвы. Неўзабаве каля яго на варце ўжо стаяў маладзенькі салдацік з каманды вакзальнай камендатуры. Ён стаяў каля стрэлкі навыцяжку з такім пераможным выглядам, нібыта гэта ён насадзіў капрала на рычаг.

Малады салдат быў мадзьяр, і, калі з эшалона батальёна Дзевяноста першага палка прыходзілі паглядзець на капрала, ён крычаў на ўсю станцыю:

– Nem szabat! Nem szabat! Komission militär Banhnof, nem szabat!

– Адпакутаваў, – уздыхнуў удалы салдат Швейк, які таксама аказаўся сярод цікаўных. – У гэтым ёсць свае перавагі. Хоць ён і атрымаў кавалак жалеза ў жывот, затое ўсе ведаюць, дзе ён пахаваны. Яго магілу не давядзецца шукаць па ўсіх мясцінах баёў, будзе якраз паблізу чыгункі. Вельмі акуратна накалоўся, – з веданнем справы дадаў Швейк, абышоўшы капрала, – кішкі засталіся ў штанах…

За спінай Швейка пачуўся строгі голас:

– Вы што тут робіце?

Перад ім стаяў кадэт Біглер. Швейк аддаў чэсць.

– Асмелюся далажыць, разглядаем нябожчыка, пан кадэт.

– А што за агітацыю вы тут вялі? Якая вам да гэтага справа?

– Асмелюся далажыць, пан кадэт, – са спакойнай годнасцю адказаў Швейк, – я ніколі ніякай «заагітацыі» не вёў.

За спінай кадэта некалькі салдат разрагаталіся, і старшы пісар Ванак выйшаў наперад.

і

– Пан кадэт, – сказаў ён, – пан обер-лейтэнант паслаў сюды ардынарца Швейка, каб ён паведаміў яму аб тым, што тут адбылося. Я нядаўна быў у штабным вагоне, вас там шукае Матушыч па заданні пана камандзіра батальёна. Вам неабходна зараз жа з’явіцца да пана капітана Сагнера.

Калі праз хвіліну пачуўся сігнал на пасадку, усе разышліся па сваіх вагонах. Ванак, ідучы побач са Швейкам, гаварыў:

– Калі недзе збіраецца шмат народу, вы паменей прастарэкуйце. У вас могуць быць непрыемнасці. Гэты капрал быў з дэйчмейстэраў, і пачнуць брахаць, што вы радаваліся яго смерці. Біглер жа – зацяты чэхаед.

і

– Ды я ж нічога такога не гаварыў, – адказаў Швейк тонам, які выключаў усякія сумненні, – хіба толькі тое, што капрал накалоўся акуратна і ўсе кішкі засталіся ў яго ў штанах… Ён мог…

– Лепей спынім гэтую размову, Швейк. – I старшы пісар Ванак плюнуў.

A незадоўга перад гэтым паміж капітанам Сагнерам і старанным кадэтам Біглерам адбылася вельмі рэзкая гаворка.

– Я здзіўлены, кадэт Біглер, – пачаў капітан Сагнер. – Чаму вы адразу ж не паведамілі мне, што салдатам не выдалі сто пяцьдзесят грамаў венгерскай каўбасы. Цяпер мне самому трэба хадзіць і высвятляць, чаму салдаты вяртаюцца са склада з пустымі рукамі. А вы спакойна пайшлі паглядзець на гэтага наколатага капрала з дэйчмейстараў.