– Асмелюся далажыць, ардынарац адзінаццатай роты Швейк…
– Дайце мне спакой з гэтым Швейкам! – закрычаў капітан Сагнер.
– Не думайце, кадэт Бігнер, што вам тут будзе дазволена плесці інтрыгі супраць надпаручніка Лукаша. Мы паслалі туды Швейка… Вы глядзіце на мяне так, быццам я да вас чапляюся… Так, я чапляюся да вас, кадэт Біглер… Калі вы не паважаеце свайго начальніка, стараецеся яго абняславіць, то я вам устрою такую службу, што вы, кадэт Біглер, доўга будзеце памятаць станцыю Раб. Выхваляцца сваімі тэарэтычнымі ведамі… Пачакайце, вось прыбудзем на фронт… Тады я пашлю вас у афіцэрскую разведку за драцяныя загароды… А як вы рапартуеце? Ды вы і рапарту мне не аддалі, калі ўвайшлі… Нават тэарэтычна> кадэт Біглер…
– Асмелюся далажыць, пан капітан, што замест ста пяцідзесяці грамаў венгерскай каўбасы салдаты атрымалі па дзве паштоўкі. Калі ласка, пан капітан…
Біглер падаў камандзіру батальёна дзве паштоўкі, выданыя дырэкцыяй венскага вайсковага архіва. На адным баку быў намаляваны рускі салдат, барадаты мужык, якога абнімае шкілет. Пад карыкатурай быў подпіс па-нямецку: «Дзень, калі вераломная Расія здохне, будзе днём збавення ўсёй нашай манархіі». Другая паштоўка была паходжаннем з Германскай імперыі, гэта быў падарунак германцаў аўстра-венгерскім салдатам. Зверху паштоўкі было надрукавана: «Аб’яднанымі сіламі», а ніжэй абразок – сэр Грэй* на шыбеніцы, унізе пад ім весела аддаюць чэсць аўстрыйскі і германскі салдаты. Пад абразком – вершык з кніжкі Грэйнца «Жалезны кулак» – жартоўныя куплеты пра нашых ворагаў. Германскія газеты адзначалі, што ў вершах Грэйнца прываблівае непадроблены гумар і непераўзыдзеная дасціпнасць.
Тэкст пад шыбеніцай у перакладзе:
ГРЭЙ
ГРЭЙ
На шыбеніцы з горшых дрэў Вісець павінен Эдвард Грэй. Мы верым – прыйдзе гэты час, Ды толькі папярэдзім вас: Ніводны дуб сука не дасць Хрыстапрадаўца пакараць, I прыме сукінага сына Рэспубліканская асіна!Не паспеў капітан Сагнер прачытаць гэты вершык, поўны «непадробленага гумару і непераўзыдзенай дасціпнасці», як у штабны вагон уляцеў батальённы ардынарац Матушыч. Ён быў пасланы капітанам Сагнерам на тэлеграф пры станцыённай ваеннай камендатуры даведацца, ці няма якіх загадаў, і прынёс тэлеграму з брыгады. Не было патрэбы звяртацца да шыфравальнага ключа, тэлеграма была незашыфраваная: “Хутка згатаваць абед і маршыраваць на Сакаль». Капітан Сагнер заклапочана паківаў галавой.
– Асмелюся далажыць, – сказаў Матушыч, – камендант станцыі загадаў прасіць вас асабіста зайсці да яго для перагавораў. Там ёсць яшчэ адна тэлеграма.