– I я, – прагучаў на пакінутай каляіне мяккі голас Швейка, – трымаўся, як я ўжо казаў, той жа думкі. Аднойчы я купіў крывавы раман пра Ражэ Шавана з Баконскага лесу, і ў ім не хапала першай часткі, дык мне прыйшлося здагадвацца аб тым, што было спачатку, бо нават у разбойніцкай гісторыі без першай часткі не абыдзешся. Увогуле ўся гісторыя з гэтымі кніжкамі, пан обер-лейтэнант, мне здалася страшэнна дзіўнай і загадкавай. Я ведаў, што паны афіцэры і без таго мала чытаюць, а ў пекле вайны…
– Пакіньце вашы глупствы пры сабе, Швейк. прастагнаў надпаручнік Лукаш.
– Я тады параіўся з нашым Ванакам, у яго ж ёсць франтавы вопыт. Ен сказаў, што напачатку кожны афіцэр лічыў, што вайна – гэта так сабе жартачкі, і вёз на фронт, нібы на дачу, цэлую бібліятэку. Афіцэры атрымлівалі ад эрцгерцагінь у дар нават поўныя зборы твораў розных паэтаў, так што дзеншчыкі пад цяжарам кніг згіналіся ў тры пагібелі, праклінаючы сваю долю. Ванак апавядаў, што гэтыя кнігі былі зусім непрыдатныя для курыва, таму што былі надрукаваны на вельмі добрай тоўстай паперы, а ў прыбіральні такімі вершамі можна было, прабачце, пан обер-лейтэнант, абадраць увесь азадак. На чытанне не хапала часу, бо даводзілася ўсё ўцякаць і ўцякаць; кнігі выкідваліся, і потым ужо зрабілася правілам: пачуўшы першыя гукі кананады, дзяншчык выкідвае ўсе кнігі для чытання. Усё гэта я ўжо ведаў, але мне хацелася, пан обер-лейтэнант, яшчэ раз пачуць вашу думку, і, калі я спытаў вас па тэлефоне, што рабіць з гэтымі кніжкамі, то вы сказалі, што калі мне што ўлезе ў маю дурную мазгаўню, дык я не адстану, пакуль не атрымаю па мордзе. Я, значыцца, тады і аднёс у канцылярыю батальёна толькі першыя тамы гэтага рамана, а другі том часова пакінуў у нашай ротнай канцылярыі. Я гэта зрабіў з добрым намерам, каб пасля таго як паны афіцэры прачытаюць першы том, выдаць ім другі том, як гэта робяць у бібліятэцы. Але раптам прыйшло паведамленне, што мы едзем, і па ўсім батальёне была перададзена тэлефанаграма – усё лішняе здаць на палкавы склад. Я яшчэ раз спытаў пана Ванака, ці лічыць ён другі том рамана лішнім. Ён мне адказаў, што пасля сумнага вопыту ў Сербіі, Галіцыі і Венгрыі ніякіх кніг для чытання на фронт не возяць. У батальёне першыя тамы гэтага рамана ўжо раздалі, а другія тамы мы аднеслі на склад.
– Я вам скажу адно, Швейк, – з цяжкім уздыхам вымавіў надпаручнік Лукаш. – Вы нават не ўяўляеце размаху сваіх учынкаў. Мне ўжо самому брыдка абзываць вас ідыётам, але, каб вызначыць вашу дурасць, не хапае ніякіх слоў. Калі я называю вас ідыётам, гэта для вас яшчэ ласкавае імя. Вы зрабілі нешта такое жахлівае, што ўсе вашы страшэнныя злачынствы – анёльская музыка ў параўнанні з гэтым. Калі б вы толькі ведалі, што вы натварылі, Швейк… Але вы пра гэта не даведаецеся ніколі! Калі часам хто-небудзь згадае пра гэтыя кніжкі, то не ўздумайце ляпнуць, што я сказаў вам па тэлефоне наконт другога тома… Калі дзе-небудзь зойдзе гаворка, як там было з першым і другім тамамі, вы і выгляду не падавайце! Вы нічога не ведаеце, ні пра што не памятаеце. I не дай вам бог ублытаць мяне ў якую-небудзь авантуру…