Светлый фон

Гэтая здагадка адразу прыйшла ў галаву капітану Сагнеру, і ён спытаў:

– Кадэт Біглер, вы гуляеце ў футбол?

Біглер яшчэ больш пачырванеў і нервова заміргаў: стваралася ўражанне, што ён збіраецца заплакаць. Капітан Сагнер з усмешкай перагортваў старонкі сшытка.

– Па-вашаму, бітву каля Трутнава, – усміхаючыся, сказаў капітан Сагнер, вяртаючы сшытак капітану Біглеру, – можна было б пачынаць толькі ў тым выпадку, калі б Трутнаў ляжаў на роўным месцы, а не ў гарыстай мясцовасці. Эх, вы, гісторык! Кадэт Біглер, вельмі міла з вашага боку, што за кароткі час свайго побыту ў шэрагах войска вы стараліся ўнікнуць у яго стратэгію. Але ж у вас усё выглядае так, быццам гэта хлапчукі гуляюць у салдаты і самі сабе прысвойваюць генеральскія чыны. Вы так хутка павысілі сябе ў чыне, проста любата! Імператарскі каралеўскі афіцэр Адольф Біглер! А пакуль даедзем да Будапешта, вы, бадай, ужо будзеце фельдмаршалам. Яшчэ пазаўчора недзе дома ў свайго таткі вы ўзважвалі каровіны шкуры, імператарска-каралеўскі афіцэр, лейтэнант Адольф Біглер! Паслухайце, вы ж яшчэ ніякі не афіцэр. Вы кадэт. Гэта значыць, нешта сярэдняе паміж яфрэйтарам і унтэр-афіцэрам.

– Паслухай, Лукаш, – звярнуўся ён да надпаручніка, – кадэт Біглер у тваёй роце. Ты яго падмуштруй крыху. Ён падпісваецца афіцэрам. Няхай спачатку заслужыць гэта званне ў баі. Калі пачнецца ўраганны артылерыйскі агонь і мы пойдзем у атаку, няхай кадэт Біглер са сваім узводам парэжа драцяныя загароды, der gute Junge!

Кадэт Біглер зразумеў, што размова з ім закончана, аддаў чэсць і чырвоны як рак пабег па вагоне, пакуль не апынуўся ў самым яго канцы.

Нібы лунацік, ён адчыніў дзверы прыбіральні і, дзівячыся на нямецка-венгерскі надпіс: «Карыстанне клазетам дазваляецца толькі ў час руху», засоп, захліпаў і ціха расплакаўся. Потым спусціў штаны і пачаў тужыцца. Затым выкарыстаў сшытачак, надпісаны: «Схемы выдатных і слаўных бітваў войск аўстра-венгерскай арміі, складзеныя імператарскім каралеўскім афіцэрам Адольфам Біглерам». Апаганены сшытачак знік у дзірцы і, упаўшы на каляіну, закруціўся паміж рэйкамі пад вагонамі поезда.

Кадэт прамыў пад умывальнікам пачырванелыя вочы і выйшаў у калідор, вырашыўшы быць моцным, чартоўскі моцным. Яшчэ зранку ў яго балелі галава і жывот.

Не вымавіўшы больш ні слова, кадэт Біглер залез у свой кут. Калі пазней да яго падышоў падпрапаршчык Плешнер, каб пачаставаць каньяком, выйграным ім у карты, то здзівіўся, убачыўшы, як старанна кадэт Біглер чытае кнігу прафесара Уда Крафта «Самавыхаванне для смерці за імператара».