Светлый фон

Яшчэ да Будапешта кадэт Біглер быў настолькі п’яны, што, высунуўшыся з акна, безупынку крычаў у бязлюдную прастору:

– Смела наперад! З богам, смялей наперад!

Па загаду капітана Сагнера ардынарац батальёна Матушыч уцягнуў Біглера ў купэ і разам з дзеншчыком Батцарам палажылі яго на лаўку.

Кадэту Біглеру сніліся ваяўнічыя сны…

Насупраць соннага кадэта сядзелі Матушыч з дзеншчыком капітана Сагнера і ўвесь час гулялі ў «шэсцьдзесят шэсць». Калі кадэт Біглер упаў з лаўкі, яны яго паднялі і паклалі зноў. Потым Матушыч накіраваўся да капітана Сагнера і далажыў, што з кадэтам Біглерам робіцца нешта дзіўнае.

– Гэта не з каньяку, – сказаў ён. Хутчэй гэта – халера. Кадэт Біглер на ўсіх станцыях піў ваду. У Машоне я бачыў, як ён…

– Халера так хутка не праяўляецца, Матушыч. Скажыце пану доктару – ён побач у купэ, каб прыйшоў на яго паглядзець.

Да батальёна быў прыкамандзіраваны «доктар ваеннага часу», вечны студэнт-медык Вельфер. Ён любіў выпіць і пабіцца, але медыцыну ведаў як свае пяць пальцаў. Ён праслухаў курс медыцынскіх факультэтаў у розных універсітэцкіх гарадах Аўстра-Венгрыі, быў на практыцы ў самых разнастайных клініках, але доктарам навук не стаў па той простай прычыне, што паводле завяшчання нябожчыка дзядзькі студэнту-медыку Фрыдрыху Вельферу выплачвалася штогадовая стыпендыя да атрымання ім доктарскага дыплома. Гэтая стыпендыя была прыкладна ў чатыры разы большая, чым жалаванне асістэнта ў бальніцы. I кандыдат медыцынскіх навук Фрыдрых Вельфер добрасумленна стараўся аддаліць як толькі можна атрыманне ім звання доктара медыцыны.

Наследнікі зелянелі ад злосці. Яны аб’яўлялі яго ідыётам, рабілі спробы жаніць яго на багатай нявесце, толькі б ад яго збавіцца. Каб іх яшчэ больш раз’юшыць, член прыблізна дванаццаці карпаранцкіх* таварыстваў, кандыдат медыцынскіх навук Фрыдрых Вельфер, выдаў некалькі зборнікаў вельмі неблагіх вершаў у Вене, Лейпцыгу, Берліне, публікаваўся ў «Simplicissimus»* і спакойна працягваў вучыцца, як нічога ніякага.

Але прыйшла вайна і нанесла кандыдату медыцынскіх навук Фрыдрыху Вельферу ўдар у спіну. Паэта, аўтара кніг «Песні смяюцца», «Кубак і навука», «Казкі і прытчы», самым вульгарным чынам забралі на вайну, а адзін з наследнікаў з вайсковага міністэрства зрабіў усё, каб бестурботны Фрыдрых Вельфер атрымаў званне «доктара ваеннага часу». Экзамен на званне быў пісьмовы. На шэраг пытанняў, прапанаваных яму, ён даў стэрэатыпны адказ: «Пацалуйце мяне ў азадак». Праз тры дні палкоўнік урачыста аб’явіў, што ён, Фрыдрых Вельфер, атрымлівае дыплом доктара медыцынскіх навук, які ўжо даўно заслужыў, і што галоўны штабны лекар прызначае яго ў шпіталь папаўнення.