Калі кадэт Біглер даведаўся, што ў яго дызентэрыя, ён быў у захапленні. Якая розніца – ці быць параненым, ці захварэць, усё роўна ж за пана імператара і пры выкананні воінскага абавязку.
У шпіталі з ім здарылася невялікая нягода: з-за таго, што ў дызентэрыйным бараку ўсе месцы былі занятыя, кадэта перавялі ў халерны барак.
Калі Біглера выкупалі і далі яму тэрмометр пад паху, штабны ўрач задуменна паківаў галавой: «37°! Найгоршы сімптом пры халеры – рэзкае зніжэнне тэмпературы. Хворы робіцца апатычным…»
Сапраўды, кадэт Біглер не праяўляў ніякіх адзнак хвалявання. Ён быў надзвычай спакойны, паўтараючы Ў думках, што ўсё роўна ён пакутуе за пана імператара.
Штабны лекар загадаў паставіць тэрмометр у задні праход.
– Апошняя стадыя халеры, – вырашыў ён. – Пачатак канца. Крайняя слабасць, хворы перастае рэагаваць на навакольнае, свядомасць зацемнена. Хворы ўсміхаецца ў перадсмяротнай агоніі.
Сапраўды, кадэт Біглер усміхаўся, як пакутнік, калі яму ў задні праход ставілі тэрмометр. Ён уяўляў сябе героем і нават не зварухнуўся.
– Сімптомы павольнага памірання, – вызначыў штабны лекар. – Пасіўнасць…
Кадэт Біглер, якога выцягнулі з цёплай ванны і паклалі голым на ложак, страшэнна змерз. У яго зуб на зуб не пападаў і ўсё цела пакрылася гусінай скурай.
– Бачыце, – сказаў штабны ўрач па-венгерску, – моцнае заіканне, пахаладзелыя канцавіны. Гэта – канец.
Нахіліўшыся да кадэта Біглера, ён спытаў яго па-нямецку:
– Also, wie geht’s?
– Sssehrhr gugutt, – заляскаў зубамі кадэт Біглер. – …Eine Dedeckke!
– Свядомасць часткова зацемнена, часткова захавана, – зноў па-венгерску сказаў штабны ўрач. – Цела надта худое, губы і пазногці павінны былі б пачарнець. Трэці выпадак, калі хворыя паміраюць ад халеры, а губы і пазногці не чарнеюць.
Ён зноў нахіліўся да кадэта Біглера і па-венгерску працягваў:
– Сэрца не праслухоўваецца.
– Eieinene Dedededeckkeke, – ляскаючы зубамі, зноў папрасіў кадэт Біглер.
– Гэта яго апошнія словы, – сказаў павенгерску штабны доктар санітарнаму унтэр-афіцэру. – Заўтра мы пахаваем яго разам з маёрам Кохам. Зараз ён страціць прытомнасць. Яго паперы ў канцылярыі?
– Будуць там, – спакойна адказаў санітарны унтэр-афіцэр.
– Eieinene Dedededeckkeke, – умольна прагаварыў кадэт Біглер дактарам, якія пакідалі палату.