У палаце, дзе стаяла шаснаццаць ложкаў, ляжала ўсяго пяць чалавек. Адзін з іх быў нябожчыкам. Ён памёр дзве гадзіны назад і быў накрыты прасцірадлам. Нябожчык насіў тое ж прозвішча, што і вучоны, які адкрыў бацылы халеры. Гэта быў маёр Кох, разам з якім штабны ўрач збіраўся заўтра пахаваць кадэта Біглера.
Кадэт Біглер прыўзняўся на ложку і ўпершыню ўбачыў, як паміраюць за пана імператара ад халеры. З чатырох яшчэ жывых двое паміралі, задыхаліся і сінелі, выціскаючы з сябе нейкія словы, але немагчыма было разабраць, што і на якой мове яны гавораць. Гэта было больш падобна на хрыпенне.
У двух астатніх пачалася бурная рэакцыя, якая сведчыла аб тым, што яны ачуньваюць. Яны крычалі нешта незразумелае і выкідвалі з-пад коўдры худыя ногі. Над імі стаяў барадаты санітар, які гаварыў на штырыйскім дыялекце, як здагадаўся кадэт Біглер, і супакойваў іх:
– I ў мяне была халера, дарагія мае панове, але я так не дрыгаў нагамі. Ды не кідайся ты так, – прыкрыкнуў ён на аднаго, які так брыкнуў нагой, што коўдра пераляцела да яго на галаву. – У нас такое не дазваляецца. Скажы дзякуй, што ў цябе гарачка. Цяпер прынамсі цябе не павязуць адсюль з музыкай.
Ён азірнуўся.
– Зноў двое памерла. Мы гэтага чакалі, – сказаў ён дабрадушна.
– А вы будзьце рады, што выкараскаліся. Трэба пайсці, прынесці прасцірадлы.
Праз хвіліну ён вярнуўся і прыкрыў прасцірадламі памерлых. Губы ў іх былі зусім чорныя. Санітар склаў ім рукі з пачарнелымі пазногцямі, паспрабаваў засунуць ім языкі назад у рот, затым укленчыў і пачаў:
– Heilige Marie, Mutter Gottes!
Раптам нейкі голы чалавек паляпаў яго па плячы.
– Паслухайце, – сказаў ён, – я… купаўся… гэта значыць… мяне купалі… Мне патрэбна коўдра… Мне холадна…
– Выключны выпадак, – праз паўгадзіны паведаміў штабны лекар кадэту Біглеру, які адпачываў пад коўдрай. – Вы, пан кадэт, папраўляецеся. Заўтра мы адпраўляем вас у Тарнаў, у запасны шпіталь, бо вы носьбіт халерных бацыл… Прагрэс пайшоў так далёка, што мы гэта можам сказаць дакладна. Вы з Дзевяноста першага палка?
– Трынаццатага маршавага батальёна, адзінаццатай роты, – адказаў за кадэта Біглера санітарны унтэр-афіцэр.
– Пішыце, – загадаў штабны лекар:
– «Кадэт Біглер трынаццатага маршавага батальёна адзінаццатай маршавай роты накіроўваецца для медыцынскага назірання ў халерны барак у Тарнаў. Носьбіт халерных бацыл…».
Так натхнёны воін кадэт Біглер ператварыўся ў носьбіта халерных бацыл.
Раздзел II. У Будапешце
Раздзел II. У Будапешце
На Будапешцкім воінскім вакзале Матушыч прынёс капітану Сагнеру тэлеграму, якую паслаў няшчасны камандзір брыгады, адпраўлены ў санаторый. Незашыфраваная тэлеграма была таго ж зместу, што і папярэдняя: «Хутка згатаваць абед і маршыраваць на Сакаль». Да гэтага было дададзена: «Абоз залічыць ва ўсходнюю групу. Разведвальная служба ліквідуецца. Трынаццатаму маршаваму батальёну пабудаваць мост праз раку Буг. Падрабязнасці ў газетах».