Капітан Сагнер адразу ж накіраваўся да каменданта вакзала. Яго сустрэў з прыяцельскай усмешкай на твары маленькі тоўсты афіцэр.
– Ну, і навырабляў гэты ваш брыгадны генерал, – сказаў, кладучыся ад смеху, маленькі афіцэр. – Але ўсё ж мы абавязаны былі ўручыць вам гэтую лухту, бо з дывізіі яшчэ не прыйшло распараджэнне яго тэлеграмы адрасатам не дастаўляць. Учора праехаў чатырнаццаты маршавы батальён Семдзесят пятага палка, і камандзір батальёна атрымаў тэлеграму – усёй камандзе выдаць па шэсць крон у якасці асаблівай узнагароды за Перамышль. Адначасова было загадана: дзве з гэтых шасці крон кожны салдат павінен тут жа ў канцылярыі аддаць на ваенную пазыку… Паводле верагодных звестак, вашага брыгаднага генерала хапіў паралюш.
– Пан маёр, – пацікавіўся капітан Сагнер у каменданта вайсковага вакзала, – згодна з загадам па палку, мы едзем па маршруту ў Гёдолё*. Камандзе належыць атрымаць тут па сто пяцьдзесят грамаў швейцарскага сыру. На апошняй станцыі салдатам павінны былі выдаць па сто пяцьдзесят грамаў салямі, але яны нічога не атрымалі.
– I тут вы, пэўна, нічога не ўскураеце, – па-ранейшаму прыемна ўсміхаючыся, адказаў маёр. – Я нічога не ведаю пра падобны загад для палкоў з Чэхіі. Зрэшты, гэта не мая справа, звярніцеся ва ўправу па забеспячэнні.
– Калі мы ад’язджаем, пан маёр?
« Паперадзе вас стаіць поезд з цяжкай артылерыяй, які накіроўваецца ў Галіцыю. Мы адправім яго, пан капітан, праз гадзіну. На трэцім пуці стаіць санітарны поезд. Ён адыходзіць праз дваццаць пяць хвілін пасля артылерыі. На дванаццатым пуці стаіць поезд з боепрыпасамі. Ён адыдзе праз дзесяць хвілін пасля санітарнага, і праз дваццаць хвілін пасля яго адправім ваш поезд.
– Вядома, калі не адбудзецца ніякіх змен, – дадаў ён, усміхаючыся, чым канчаткова абрыдзеў капітану Сагнеру.
– Прабачце, пан маёр, – абазваўся капітан Сагнер, – ці можаце вы даць мне даведку аб тым, штовам нічога не вядома ні пра які загад аб выдачы ста пяцідзесяці грамаў швейцарскага сыру
– Гэта сакрэтны загад, – адказаў Сагнеру, не перастаючы ўсміхацца, камендант вайсковага вакзала ў Будапешце.
«Эх, схібіў я, – падумаў капітан Сагнер, выходзячы з будынка камендатуры. – На халеру я загадаў надпаручніку Лукашу сабраць камандзіраў і ісці з імі і з салдатамі на прадуктовы склад».
Камандзір адзінаццатай роты надпаручнік Лукаш па загаду капітана Сагнера збіраўся было аддаць распараджэнне ісці на склад па швейцарскі сыр з разліку сто пяцьдзесят грамаў на чалавека, як перад ім аб’явіўся Швейк з няшчасным Балоўнам.