Светлый фон

Балоўн увесь калаціўся.

– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – сказаў Швейк са звыклай для яго выкрутлівасцю, – справа, пра якую пойдзе гаворка, надта важная. Я папрасіў бы вас, пан обер-лейтэнант, адысціся з намі, каб гэтую справу вырашыць, затуліўшыся недзе ў зацішным куточку, як гаварыў мой прыяцель Шпаціна са Згоржа, калі быў шаферам на вяселлі і ў касцёле яму вельмі захацелася…

– Пра што вы хацелі сказаць, Швейк? – перабіў яго надпаручнік Лукаш, які замаркоціўся па Швейку, як і Швейк па надпаручніку Лукашу. – Давайце адыдземся.

Балоўн пабрыў за імі, не перастаючы трэсціся^ Гэты здаравяк зусім страціў душэўную раўнавагу і ў поўнай роспачы махаў рукамі.

– Ну, дык што ў вас? – спытаў надпаручнік Лукаш свайго дзеншчыка, калі яны адышліся ў зацішны куточак.

– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – прамовіў Швейк, – заўсёды лепей прызнацца самому, чым чакаць, пакуль шыла вылезе з мяшка. Вы аддалі выразны загад, пан обер-лейтэнант, каб вам, калі прыбудзем у Будапешт, Балоўн прынёс пячоначны паштэт і булачку.

– Ты атрымаў гэты загад ці не? – звярнуўся Швейк да Балоўна. Балоўн яшчэ мацней закалаціў рукамі па паветры, быццам абараняючыся ад нападу.

– Гэты загад, – працягваў Швейк, – на жаль, пан обер-лейтэнант, не мог быць выкананы. Ваш пячоначны паштэт сажраў я… – Я сажраў яго, – паўтарыў Швейк, штурхануўшы ў бок знямелага ад страху Балоўна. – Я падумаў, што пячоначны паштэт можа сапсавацца. Аднаго разу такое адбылося ў Здзеразе, другі раз – у Бероўне, потым у Табары, у Млада-Балеславе, у Пршыбраме. Усе атручаныя памерлі. Паштэт з пячонкі – найгоршае паскудства…

Балоўн, калоцячыся ўсім целам, адышоў убок і сунуў палец у рот. Яго вырвала.

– Што з вамі, Балоўн?

– Рррыгаю, ппан обббер-лейтэнант, – паміж прыступамі ванітаў крычаў няшчасны Балоўн. – Гээтта я сссажжраў…

З рота няшчаснага Балоўна палезлі кавалкі станіёлевай абгорткі паштэту.

– Як бачыце, пан обер-лейтэнант, – сказаў Швейк, не губляючы сваёй душэўнай раўнавагі, – кожны сажраны паштэт заўсёды вылезе напаверх, чужое дабро вылазіць праз рабро. Я хацеў узяць правінку на сябе, а ён, дурыла, сам сябе выдаў. Балоўн увогуле чалавек слушны, але, што яму ні давер, усё зжарэ. Я ведаў яшчэ аднаго такога, той служыў кур’ерам у банку. Гэтаму можна было даверыць тысячы. Аднойчы ён атрымліваў грошы ў іншым банку і яму перадалі тысячу крон лішніх, і ён тут жа, на месцы, вярнуў іх, але паслаць яго па вэнджаную каркавіну за пятнаццаць крэйцараў не было сэнсу: па дарозе палову зжарэ. Ён быў такі хцівы на жратву, што калі саслужыўцы пасылалі яго па ліверныя каўбаскі, ён па дарозе распорваў іх сцізорыкам, а дзіркі залепліваў англійскім пластырам. Пластыр на пяць ліверных каўбасак яму каштаваў даражэй, чым адна ліверная каўбаса.