Потым было звычайнае «dreimal hoch!» і войска, неяк адразу засмучанае, села ў поезд. Замест ста пяцідзесяці грамаў швейцарскага сыру на карак звалілася вайна з Італіяй.
У вагоне, дзе сядзелі Швейк, старшы пісар Ванак, тэлеграфіст Хадоўнскі, Балоўн і кухар Юрайда, снавалася цікавая гаворка пра ўступленне Італіі ў вайну.
– Гэткі ж выпадак здарыўся ў Празе на Табарскай вуліцы, – пачаў Швейк. – Там жыў купец Гаржэйшы, а паблізу ад яго, насупраць, трымаў краму купёц Пашмоўрны. Паміж імі была крама дробнага гандляра Гаўласы. Дык вось, купцу Гаржэйшаму неяк прыйшла ў галаву думка аб’яднацца з гандляром Гаўласам супраць купца Пашмоўрнага, і ён пачаў весці перагаворы з Гаўласам аб тым, як бы ім свае крамы аб’яднаць пад адной фірмай: «Гаржэйшы і Гаўласа». Але крамнік Гаўласа пайшоў да купца Пашмоўрнага і расказаў яму, што Гаржэйшы дае тысячу дзвесце крон за яго крамку і прапануе ўвайсці з ім у кампанію. Але калі Пашмоўрны дасць яму тысячу восемсот, то ён ахвотна пойдзе з ім супраць Гаржэйшага. Яны дамовіліся. Але Гаўласа, прадаўшы Гаржэйшага, увесь час ашываўся каля яго і прыкідваўся лепшым сябрам, а калі заходзіла гаворка пра тое, каб весці справы супольна, гаварыў: «Ага, ужо хутка. Я толькі чакаю, калі вернуцца з лецішчаў мае кватаранты». А калі яны вярнуліся, то, сапраўды, ужо ўсё было гатова, як ён і абяцаў Гаржэйшаму. Аднаго разу ранкам пайшоў той Гаржэйшы адчыняць сваю крамку, аж бачыць над крамай свайго канкурэнта вялікую шыльду, а на ёй велічэзнымі літарамі напісана назва фірмы: «Пашмоўрны і Гаўласа».
– У нас, – уваткнуў свае тры грошыкі дурнаваты Балоўн, – таксама быў такі выпадак. Хацеў я ў суседняй вёсцы купіць ялаўку, ужо і дамовіўся, а воціцкі разнік перахапіў яе ў мяне пад самым носам.
– Калі ўжо новая вайна, – працягваў Швейк, – калі маем на аднаго ворага болей, то боепрыпасы трэба эканоміць. Чым болей у сям’і дзяцей, тым болей трэба бізуноў, – казаў, бывала, дзядуля Хаванец з Моталя, які за невялікую плату лупцаваў суседскіх дзяцей.
– Я толькі баюся, што з-за гэтай самай Італіі, – выказаў свой страх Балоўн, усё яшчэ калоцячыся ўсім целам, – нам скароцяць пайкі.
Старшы пісар Ванак задумаўся і важна прамовіў:
– Усё можа быць, бо цяпер наша перамога неяк аддаліцца.
– Эх, нам бы вельмі спатрэбіўся новы Радзецкі! – усклікнуў Швейк. – Той быў добра знаёмы з тамтэйшым краем, ведаў, дзе ў італьянцаў слабыя бакі, што трэба штурмаваць і з якога боку. Яно не так лёгка – куды-небудзь залезці. Залезці можа кожны, але сапраўднае ваеннае майстэрства заключаецца ў тым, каб вылезці! Калі чалавек куды-небудзь лезе, ён павінен ведаць, што вакол яго дзеецца, каб не ўляпацца ў такое балота, якое называецца катастрофай. Аднаго разу ў нас у доме, яшчэ на старой кватэры, на гарышчы злавілі злодзея. А ён, нахабнік, калі лез, дык заўважыў, што муляры рамантуюць вялікі ліхтар над лесвіцай. To ён у ix з рук вырваўся, збіў з ног дворнічыху і спусціўся па рыштаваннях у гэты ліхтар, а адтуль ужо не змог выбрацца. Але ж наш бацька родны Радзецкі ведаў у Італіі кожную сцежку, яго не маглі злавіць. У адной кніжцы апісваецца, як ён уцёк з Санта-Лючыя і італьянцы збеглі таксама. Радзецкі толькі на другі дзень зразумеў, што, уласна кажучы, перамог ён, бо італьянцаў і ў палявы бінокль не відаць было.