I дурненькі паручнік Дуб урачыста дадаў: «…Кроў і жыццё за Габсбургаў! За Аўстрыю, адзіную, непадзельную, вялікую!..»
Ён замоўк, відаць, чакаючы, што ўсе астатнія падтрымаюць размову пра новую сітуацыю і ён яшчэ раз дакажа, што яшчэ пяць гадоў назад ён прадбачыў, як Італія будзе сябе паводзіць у адносінах са сваім саюзнікам. Але ён поўнасцю пралічыўся, бо капітан Сагнер, якому ардынарац батальёна Матушыч прынёс са станцыі вячэрні выпуск «Pester Lloyd», сказаў, праглядваючы газету: «Вы ведаеце, тая самая Вейнерава, на гастролях якой мы былі ў Бруку, учора выступала тут на сцэне Малога тэатра».
На гэтым спыніліся дэбаты аб Італіі ў штабным вагоне.
Ардынарац батальёна Матушыч і дзяншчык Сагнера Батцэр, якія таксама ехалі ў штабным вагоне, разглядалі вайну з Італіяй з чыста практычнага боку: яшчэ даўно, у мірны час, яны салдатамі прымалі ўдзел у манеўрах у паўднёвым Ціролі.
– Цяжка нам будзе лазіць па ўзгорках, – уздыхнуў Батцэр, – у капітана Сагнера цэлая гара ўсялякіх куфраў. Я сам з гор, але гэта зусім іншая справа, калі, бывала, возьмеш стрэльбу пад плашч і ідзеш сабе высочваць зайца ў маёнтку графа Шварцэнберга*…
– Калі нас сапраўды перакінуць у Італію… Мне таксама не надта спадабаецца лётаць па гарах і ледніках з загадамі. А што да жратвы, то там, на поўдні, адна палента* з алеем, і ўсё, – сумна сказаў Матушыч.
– А чаму б нас і не сунуць у тыя горы, – расхваляваўся Батцэр. – Наш полк быў і ў Сербіі, і на Карпатах. Я ўжо нацягаўся з чамаданамі пана капітана па гарах. Два разы я іх губляў – адзін раз у Сербіі, другі – у Карпатах. Пры такой неразбярысе яно і не дзіва. Можа, тое самае чакае мяне і ў трэці раз, на італьянскай мяжы, а што да жратвы там, у даліне… – Ён плюнуў, падсеў бліжэй да Матушыча і амаль інтымна загаварыў:
– Ведаеш, у нас у Кашперскіх гарах робяць такія маленькія кнедлічкі з сырой бульбы. Іх звараць, пакачаюць у яйцы, пасыплюць сухарамі, а потым падсмажваюць на сале! – Апошняе слова ён вымавіў таямніча-ўрачыстым голасам. – Найлепшыя ж кнедлікі – з квашанай капустай, – дадаў ён меланхалічна, – а макароны хай ляцяць у прыбіральню.
На гэтым і тут закончылася размова пра Італію…
У астатніх вагонах у адзін голас заяўлялі, што поезд, напэўна, павернуць і пашлюць у Італію, бо ён ужо больш за дзве гадзіны стаіць на станцыі.
Пра гэта сведчылі і тыя дзіўныя рэчы, якія рабіліся з эшалонам. Салдат зноў выгналі з вагонаў, прыйшла санітарная інспекцыя з дэзінфекцыйным атрадам і апырскала ўсё лізолам, што было прынята з вялікім нездавальненнем, асабліва ў тых вагонах, дзе везлі запасы пайковага хлеба.