Светлый фон

Але загад ёсць загад, санітарная камісія дала загад правесці дэзінфекцыю ва ўсіх вагонах эшалона № 728, і таму спакойна былі апырсканы лізолам і горы хлеба, і мяшкі з рысам. Паводле гэтага ўжо можна было меркаваць, што адбываецца нешта незвычайнае.

Потым усіх зноў загналі ў вагоны, а праз паўгадзіны зноў выгналі, бо праінспектаваць эшалон прыбыў старэнькі генерал. Швейк, натуральна, тут жа даў старому паву адпаведную мянушку. Стоячы з-заду шарэнгі, Швейк шапнуў старшаму пісару Ванаку:

– Ну, і здыхлячок.

Стары генерал у суправаджэнні капітана Сагнера прайшоў уздоўж фронту і, каб неяк узняць настрой каманды, спыніўся перад адным маладым салдатам і спытаў, адкуль ён, колькі яму гадоў і ці ёсць у яго гадзіннік. Хаця ў салдата гадзіннік быў, ён, спадзеючыся атрымаць ад старога пана яшчэ адзін, адказаў, што гадзінніка ў яго няма. На гэта старэнькі генерал-здыхлячок з прыдуркаватай усмешкай, падобнай на ўсмешку імператара Франца-Іосіфа ў час наведвання гарадоў і гутарак з бургамістрамі, сказаў: «Гэта добра, гэта добра», пасля чаго аказаў гонар капралу, які стаяў побач, спытаўшы, ці здаровая ў яго жонка.

– Асмелюся далажыць, – гаркнуў капрал, – я нежанаты!

На гэта генерал са сваёй добразычлівай усмешкай паўтарыў сваё:

– Гэта добра, гэта добра!

Затым генерал, які добра здзяцінеў, папрасіў, каб капітан Сагнер паказаў, як салдаты выконваюць каманду: «На першы-другі – разлічыся!» I праз хвіліну ўжо гучала:

– Першы-другі, першы-другі, першы-другі. Генерал-здыхлячок гэта вельмі любіў. Дома ў яго былі два дзеншчыкі, дык ён іх ставіў перад сабой, і яны мусілі самі разлічвацца:

– Першы-другі, першы-другі.

Такіх генералаў у Аўстрыі было мноства.

Калі агляд паспяхова закончыўся, генерал не паскупіўся на пахвалы капітану Сагнеру, а салдатам дазволіў прагуляцца па тэрыторыі вакзала, бо прыйшло паведамленне, што ад’езд прызначаны праз тры гадзіны. Салдаты прагульваліся па наваколлі вакзала, вынюхваючы, ці нельга чым разжыцца. На вакзале заўсёды шмат публікі, і то аднаму, то другому ўдавалася выцыганіць сігарэту.

Было добра відаць, як выветрыўся першы энтузіязм, што праяўляўся ва ўрачыстых сустрэчах эшалонаў на вакзалах: цяпер салдаты апусціліся да жабрацтва.

Да капітана Сагнера прыбыла дэлегацыя ад «Таварыства па вітанні герояў» у складзе дзвюх страшэнна змучаных дам, якія перадалі падарунак для эшалона: дваццаць скрыначак араматных таблетак для асвяжэння дыхання – рэклама адной цукерачнай фабрыкі ў Будапешце. На вечку кожнай скрыначкі быў намаляваны венгерскі ганвед, які паціскаў руку аўстрыйскаму апалчэнцу, а над імі ззяла карона святога Стэфана. Вакол быў надпіс па-венгерску і па-нямецку: «За імператара, бога і айчыну».