– Што ж вам тут не падабаецца? – спытаў паручнік Дуб.
– Мне не падабаецца, пан лейтэнант, як салдат абыходзіцца з даверанай яму зброяй. Ён жа можа аб каменную сцяну зламаць штык. А потым гэта ўвогуле лішняе: рускі падняў рукі і здаецца. Значыцца, аўстрыйскага салдата могуць яшчэ і пакараць. Рускі ўзяты ў палон, а з палоннымі трэба абыходзіцца добра, бо яны ж таксама людзі.
Паручнік Дуб вывіжоўваў далей перакананні Швейка і задаў яшчэ адно пытанне:
– Вам гэтага рускага шкада, праўда?
– Мне шкада, пан лейтэнант, іх абодвух: рускага, бо яго пракалолі, і нашага – бо яго за гэта арыштуюць. Ён, пан лейтэнант, свой штык зломіць, бо сцяна ж каменная, а сталь – яна крохкая. Яшчэ да вайны, пан лейтэнант, калі я быў прызваны ў войска, быў у нашай роце адзін лейтэнант. Нават наш старшы фельдфебель не мог так брыдкасловіць, як той, пан лейтэнант. На вучэбным пляцы ён нам гаварыў: «Калі падаецца каманда «habacht», ты павінен вываліць вочы, як кот, які гадзіць на саламяную сечку». А так, увогуле, быў вельмі добры чалавек. Аднойчы на каляды ён, зусім здурнеўшы, купіў цэлы воз какосавых арэхаў, і з таго часу я ведаю, якія ломкія нашы штыкі. Паўроты зламала штыкі аб гэтыя арэхі, і наш падпалкоўнік загадаў усіх пасадзіць пад арышт. Тры месяцы мы не маглі выйсці з казармаў, а пан лейтэнант сядзеў пад хатнім арыштам.
Паручнік Дуб са злосцю глядзеў на бесклапотны твар удалага салдата Швейка і з нянавісцю спытаў:
– Вы мяне ведаеце?
– Ведаю, пан лейтэнант.
Паручнік Дуб вылупіў вочы і затупаў нагамі:
– А я вам гавару, што вы мяне яшчэ не ведаеце! Швейк спакойна, як бы рапартуючы, паўтарыў яшчэ раз:
– Я вас ведаю, пан лейтэнант. Вы, асмелюся далажыць, з нашага маршавага батальёна.
– Вы мяне не ведаеце, – зноў закрычаў паручнік Дуб. – Можа, вы мяне ведалі з лепшага боку, але цяпер вы будзеце ведаць мяне і з благога боку. Я не такі добры, як вы думаеце. Я любога давяду да плачу. Дык ведаеце вы мяне ці вы мяне не ведаеце?
– Ведаю, пан лейтэнант.
– У апошні раз вам паўтараю, вы мяне не ведаеце! Асёл! У вас ёсць браты?
– Так точна, пан лейтэнант, ёсць адзін. Паручнік Дуб, зірнуўшы на спакойнае, шчырае аблічча Швейка, разлютаваўся і, зусім ужо не валодаючы сабой, закрычаў:
– Значыцца, ваш брат такое ж быдла, як і вы! Кім ён быў?
– Выкладчыкам гімназіі, пан лейтэнант. Таксама служыў у войску і здаў экзамен на афіцэра.
Паручнік Дуб паглядзеў на Швейка так, быццам хацеў пранізаць яго поглядам. Швейк з годнасцю вытрымаў злосны погляд паручніка Дуба, і неўзабаве размова скончылася словам «Abtreten!»
Кожны пайшоў сваёй дарогай, і кожны думаў пра сваё.