Цукерачная фабрыка была настолькі лаяльная, што аддала перавагу імператару, паставіўшы яго перад богам.
Апрача таго, пажылыя знясіленыя дамы прынеслі вялікі пакунак лістовак з дзвюма малітвамі, складзенымі будапешцкім архіепіскапам Гезам з Сатмар-Будафалу. Малітвы былі напісаны па-нямецку і па-венгерску і былі перасыпаны самымі жахлівымі кленічамі на адрас усіх непрыяцеляў. На думку высокашаноўнага архіепіскапа, дабрадзейны бог павінен пасячы рускіх, англічан, сербаў, французаў і японцаў, зрабіць з іх вермішэль і гуляш з чырвоным перцам. Міласэрны бог павінен быў купацца ў крыві непрыяцеляў і перабіць усіх ворагаў, як перабіў немаўлят жорсткі Ірад.
Яго прападобнасць архіепіскап будапешцкі ўжыў у сваіх малітвах, напрыклад, такія элегантныя выразы, як: «Няхай бог благаславіць вашы штыкі, каб яны глыбока пранікалі ў вантробы ворагаў. Няхай наш найсправядлівейшы бог накіруе артылерыйскі агонь на галовы варожых штабоў. Міласэрны божа, зрабі, каб усе ворагі захлынуліся ў сваёй уласнай крыві ад ран, якія нанясуць ім нашы салдаты».
…На вакзале пачалося ажыўленне. Падзеі ў Італіі выклікалі тут паніку: два эшалоны з артылерыяй былі затрыманы і пасланы ў Штырыю. Эшалон баснійцаў з нейкіх незразумелых прычын чакаў тут адпраўлення трэці дзень, быў поўнасцю забыты і страчаны з поля зроку начальства. Баснійцы ўжо два дні не атрымлівалі яды і хадзілі ў Новы Пешт жабраваць, прасіць хлеба. Там нічога іншага, чым абуранае мацюканне, не было чуваць.
Неўзабаве маршавы батальён Дзевяноста першага палка быў зноў сагнаны, і салдаты занялі месцы ў вагонах. Праз хвіліну, аднак, батальённы ардынарац Матушыч вярнуўся з камендатуры вакзала з паведамленнем, што поезд адправяць толькі праз тры гадзіны. Таму салдат зноў выпусцілі з вагонаў.
Перад самым адыходам поезда ў штабны вагон ускочыў страшэнна расхваляваны паручнік Дуб і звярнуўся да капітана Сагнера з просьбай не марудзячы арыштаваць Швейка. Паручнік Дуб быў вядомы сваімі даносамі, калі яшчэ быў выкладчыкам гімназіі. Ён любіў пагаварыць з салдатамі, выявіць іх перакананні, адначасова шукаючы магчымасці іх навучыць, накіраваць і высветліць, чаму яны ваююць і за што ваююць.
У час свайго абходу ён убачыў Швейка, які стаяў за будынкам вакзала каля ліхтара і з цікавасцю разглядаў плакат нейкай дабрачыннай ваеннай латарэі. На плакаце быў намаляваны аўстрыйскі салдат, які штыком прыкалоў да сцяны спалоханага барадатага казака.
Паручнік Дуб паляпаў Швейка па плячы і спытаў, як гэта яму падабаецца.
– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, – адказаў Швейк, – гэта глупства. Я ўжо шмат бачыў дурных плакатаў, але такой бязглуздзіцы я яшчэ не бачыў.