Паручнік думаў аб тым, як ён пра ўсё раскажа капітану і той загадае арыштаваць Швейка; Швейк жа прыйшоў да вываду, што шмат бачыў ён на сваім вяку дурных афіцэраў, але такога, як Дуб, у палку больш няма.
Паручнік Дуб, які менавіта сёння пастанавіў заняцца выхаваннем салдат, знайшоў за вакзалам новыя ахвяры. Гэта былі два салдаты таго ж Дзевяноста першага палка, але з другой роты. Яны на ламанай нямецкай мове дамаўляліся ў начной цемры з дзвюма прастытуткамі, вакол вакзала тыя блукалі цэлымі тузінамі.
Ужо адыходзячы, Швейк вельмі выразна чуў рэзкі голас паручніка Дуба:
– Вы мяне ведаеце? А я вам гавару, што вы мяне не ведаеце! Але вы мяне яшчэ ўведаеце!.. Можа, вы мяне ведаеце толькі з добрага боку!.. А я гавару, вы ўведаеце мяне і з кепскага боку!.. Я вас давяду да плачу! Аслы! Ці ёсць у вас браты?.. Напэўна, гэткія ж аслы, як і вы. Кім яны былі? У абозе… Ну, добра… Не забывайце, што вы салдаты… Вы чэхі?.. Ведаеце, што Палацкі сказаў: калі б не было Аўстрыі, мы павінны былі б яе стварыць!.. Abtreten!
Аднак абход паручніка Дуба не даў станоўчых вынікаў. Ён спыніў яшчэ тры групы салдат, але яго выхаваўчыя імкненні «давесці да слёз» поўнасцю праваліліся. Па вачах салдат паручнік Дуб здагадваўся, што яны думаюць пра яго нешта вельмі непрыемнае. Быў закрануты яго гонар, і таму перад адыходам поезда ён папрасіў капітана Сагнера ў штабным вагоне арыштаваць Швейка. Абгрунтоўваючы неабходнасць ізаляцыі ўдалага салдата Швейка, ён указваў на вельмі дзіўныя дзёрзкія паводзіны яго і ацаніў простасардэчны адказ Швейка на апошняе сваё пытанне як з’едлівую заўвагу. Калі так пойдзе далей, то афіцэрскі склад страціць у вачах салдат увесь свой аўтарытэт, у чым ніхто з паноў афіцэраў не сумняваецца. Ён сам яшчэ да вайны гаварыў з панам акруговым начальнікам аб тым, што начальнік павінен старацца падтрымліваць свой аўтарытэт.
Пан акруговы начальнік быў той жа думкі. Асабліва зараз, у час вайны. Чым бліжэй мы да непрыяцеля, тым больш неабходна трымаць салдат у страху. Менавіта таму ён патрабуе, каб Швейк быў пакараны ў дысцыплінарным парадку.
Капітан Сагнер, як кожны кадравы афіцэр, ненавідзеў афіцэраў запасу з рознага цывільнага зброду. Ён звярнуў увагу паручніка Дуба, што падобныя заявы павінны рабіцца толькі ў форме рапарту, а не такім базарным чынам, як быццам тут дамаўляюцца аб цане на бульбу. Што датычыць Швейка, то першай інстанцыяй, якой ён падпарадкаваны, з’яўляецца надпаручнік Лукаш. Такія справы ідуць толькі шляхам рапарту па інстанцыях: з роты справа ідзе, як пану паручніку, пэўна, вядома, у батальён. Калі Швейк сапраўды нешта натварыў, ён павінен быць пасланы з рапартам да камандзіра роты, а ў выпадку апеляцыі – з рапартам да батальённага камандзіра. Аднак калі пан надпаручнік Лукаш не пярэчыць і лічыць заяву пана паручніка Дуба афіцыйнай заявай аб пакаранні, то і ён, камандзір батальёна, нічога не мае супраць таго, каб Швейк быў выкліканы і дапытаны.