Надпаручнік Коларж расказваў Вольфу пра іншыя верагодныя выпадкі, якія ён асабіста назіраў. Такімі фактамі перапоўнена дзейнасць усёй вайсковай адміністрацыі, пачынаючы ад старшага пісара ў якой-небудзь няшчаснай роце і канчаючы хамяком у генеральскіх эпалетах, які рабіў сабе запасы на пасляваенную зіму.
Вайна патрабавала храбрасці і ў крадзяжы.
Інтэнданты абменьваліся поўнымі любасці поглядамі, як бы хацелі сказаць: «Мы адно цела і адна душа, крадзем, прыяцель, жульнічаем, браце, але нічога не зробіш, супраць плыні не паплывеш! Калі ты не возьмеш, возьме іншы, ды яшчэ скажа пра цябе, што ты не крадзеш толькі таму, што ўжо нагроб досыць!»
У вагон увайшоў пан з чырвона-залатымі лампасамі. Гэта быў адзін з тых генералаў, якія раз’язджаюць па ўсіх чыгунках з інспекцыяй.
– Сядайце, панове, – прыветліва кіўнуў ён, радуючыся, што перахапіў нейкі эшалон, пра які нават нічога не ведаў.
Капітан Сагнер хацеў падаць яму рапарт, але генерал толькі рукой махнуў.
– У вашым эшалоне непарадак. У вашым эшалоне яшчэ не спяць. У эшалонах, калі яны стаяць на вакзале, трэба класціся спаць гэтак жа, як і ў^казармах, – у дзевяць гадзін. – Ён быў лаканічны:
– Каля дзевяці гадзін вывесці салдат у прыбіральні за вакзалам, а потым ісці спаць. Іначай ноччу каманда забрудзіць палатно чыгункі. Вы разумееце, пан капітан? Паўтарыце! Хаця не, не паўтарайце, а зрабіце так, як я патрабую. Трубіць сігнал, пагнаць каманду ў прыбіральні, пратрубіць адбой і спаць. Правяраць! Так! Кантраляваць, хто не спіць, і караць! Гэта ўсё? Вячэру раздаваць у шэсць гадзін.
Потым ён загаварыў пра нешта з мінулага, пра тое, чаго ніколі не было, а калі і было, то недзе не тут, а ў нейкім іншым жыцці. Ён стаяў тут як прывід з чацвёртага вымярэння.
– Вячэру раздаць у шэсць гадзін, – працягваў ён, пазіраючы на гадзіннік, на якім было дзесяць хвілін дванаццатай ночы. – У палове дзевятай трывога, спаражняцца і ісці спаць!
Затым быў дадзены загад – праверыць баявую гатоўнасць. Капітан Сагнер зноў загадаў пратрубіць трывогу, а генерал-інспектар, пазіраючы, як выстройваецца батальён, праходжваўся з афіцэрамі і бесперастанку гаварыў адно і тое ж, нібыта ўсе былі ідыётамі і не маглі зразумець яго адразу, пры гэтым ён паказваў на стрэлкі гадзінніка:
– Падкрэсліваю, галоўнае – гэта сон. Ён умацоўвае для далейшых паходаў. Пакуль салдаты ў поездзе, яны павінны адпачыць. Калі ў вагонах недастаткова месца, салдаты спяць па чарзе. Адна трэць каманды зручна кладзецца ў вагонах і спіць ад дзевяці да поўначы, а астатнія стаяць і глядзяць на іх. Затым, пасля таго, як першыя выспаліся, яны даюць месца другой трэці, якая спіць ад поўначы да трох гадзін раніцы. Трэцяя партыя спіць ад трох да шасці, потым пабудка, і каманда ўмываецца. На хаду з вагона не саскокваць! Расставіць перад эшалонам патрулі, каб каманда на хаду не саскоквала! Калі салдату зломіць нагу непрыяцель, – генерал паляпаў сябе па назе, – гэта пахвальна, але калечыць сябе саскокваннем на поўным хаду – варта пакарання. Значыцца, гэта ваш батальён? – спытаў ён капітана Сагнера, разглядваючы заспаныя фігуры салдат. Шмат хто не мог стрымацца і, вырваны са сну, пазяхаў на свежым начным паветры.