Светлый фон

– Гэта, пан капітан, батальён разявак. Салдаты ў дзевяць гадзін павінны спаць.

Генерал спыніўся перад адзінаццатай ротай, на левым флангу якой стаяў і пазяхаў на ўвесь рот Швейк. Ён, праўда, стараўся прыкрыць рот рукой, але з-пад яе даносіўся такі рык, што надпаручнік Лукаш тросся ад страху, як бы генерал не звярнуў увагу на Швейка. Яму здалося, што Швейк пазяхае наўмысна.

Генерал, як на злосць, павярнуўся да Швейка і падышоў да яго:

– Чэх ці немец?

– Чэх, асмелюся далажыць, пан генерал-маёр.

– Добжа, – сказаў генерал «па-чэшску». Ён быў паляк, які крыху ведаў чэшскую мову. – Ты равеш, як карова на сене. Маўчы, заткні глотку! Не мыкай! Ты ўжо быў у прыбіральні?

– Ніяк не, не быў, пан генерал-маёр.

– Чаму не пайшоў разам з іншымі салдатамі?

– Асмелюся далажыць, пан генерал-маёр, на манеўрах у Пісеку пан палкоўнік Вахтл, калі ў час адпачынку ўсе палезлі ў жыта, сказаў, што салдат павінен думаць не толькі пра сарцір, але і пра бітву. Зрэшты, асмелюся далажыць, што б мы ў той латрыне рабілі? Нам няма чаго з сябе выціскаць. Паводле маршруту мы ўжо на некалькіх станцыях павінны былі атрымаць вячэру і нічога не атрымалі. З пустым страўнікам у латрыну не лезь!

Швейк, вытлумачыўшы пану генералу простымі словамі агульную сітуацыю, так задушэўна глядзеў на яго, што генерал адчуў патрэбу дапамагчы ім усім. Калі ўжо аддаецца загад ісці ў латрыну арганізавана, строем, то гэты загад павінен быць неяк унутрана падмацаваны.

– Адашліце іх усіх зноў па вагонах, – загадаў генерал капітану Сагнеру. – Як гэта магло здарыцца, што яны не атрымалі вячэры? Усе эшалоны, якія праязджалі гэтую станцыю, павінны атрымаць вячэру, бо тут – харчавальны пункт. Інакш нельга. Ёсць жа пэўны план. Хадземце ў канцылярыю!

Афіцэры пайшлі за ім, разважаючы аб тым, чаму гэта ўсе генералы звар’яцелі адначасова. У камендатуры выявілася, што пра вячэру сапраўды нічога не вядома. Варыць гуляш павінны былі для ўсіх эшалонаў, якія тут праедуць, але потым прыйшоў загад замест гуляшу налічыць семдзесят два гелеры на кожнага салдата, так што кожная вайсковая часць мае на сваім рахунку семдзесят два гелеры на чалавека, якія яна атрымае ад свайго інтэнданцтва дадаткова пры выдачы жалавання. А што да хлеба, то салдатам на станцыі ў Ваціяне* выдадуць па паўбохану.

– Ну, а цяпер хадземце ў вакзальны рэстаран, – прапанаваў генерал.

У рэстаране генерал зноў завёў размову пра латрыны і пра тое, як гэта непрыгожа выглядае, калі паўсюль на каляінах тырчаць нейкія кактусы. Пры гэтым ён еў біфштэкс, і ўсім здавалася, што ён перажоўвае адзін з тых кактусаў.