Генерал столькі ўвагі надаваў прыбіральням, быццам ад іх залежала перамога аўстрыйскай манархіі.
Генерал задумаўся, закурыў і доўга-доўга глядзеў у столь, прыгадваючы, што б яшчэ такое сказаць, раз ён тут, чаму б навучыць афіцэраў эшалона.
– Ядро вашага батальёна здаровае, – раптам сказаў ён, калі ўсе чакалі, што ён і надалей будзе пазіраць у столь і маўчаць. – Асабовы склад у поўным парадку. Той салдат, з якім я гаварыў, сваёй адкрытасцю і вайсковай выпраўкай падае найлепшыя надзеі на ўвесь батальён – я ўпэўнены, што ён будзе змагацца да апошняй кроплі крыві.
Генерал замоўк і зноў утаропіўся ў столь, адкінуўшыся на спінку крэсла, а потым, не мяняючы паставы, прадоўжыў сваю прамову. Толькі адзіны з прысутных, рабская душа паручнік Дуб углядаўся ў столь разам з ім.
– Аднак вашаму батальёну патрэбна паклапаціцца, каб яго подзвігі не былі аддадзены забыццю. Батальёны вашай брыгады маюць ужо сваю гісторыю, у якой ёсць уклад і вашага батальёна. Вам не хапае чалавека, які б вёў дакладныя запісы і складаў бы гісторыю батальёна. Да яго павінны сыходзіцца ўсе ніткі, ён павінен ведаць, што зроблена кожнай ротай вашага батальёна. Ён павінен быць чалавекам адукаваным, ніякім там не аслом, не дурылам. Пан капітан, вы павінны вылучыць гістарыёграфа батальёна.
Потым ён паглядзеў на насценны гадзіннік, стрэлкі якога паказвалі заспанаму таварыству, што час разыходзіцца.
У генерала на пуцях быў свой інспектарскі поезд, і ён папрасіў паноў афіцэраў праводзіць яго да спальнага вагона.
Камендант вакзала цяжка ўздыхнуў: генерал нават не ўспомніў, што ён вінен за біфштэкс і бутэльку віна. Зноў прыйдзецца яму плаціць за генерала. Такіх візітаў у яго штодня было некалькі. На гэта пайшлі ўжо два вагоны сена, якія ён загадаў паставіць у тупік і якія прадаў вайсковаму пастаўшчыку сена – фірме Левенштэйн – гэтак жа, як прадаюць жыта на корані. Казна зноў купіла гэтыя два вагоны ў той жа фірмы, але камендант пакінуў іх на ўсякі выпадак у тупіку. Можа, давядзецца яшчэ раз перапрадаць тое сена фірме Левенштэйн.
Затое ўсе вайсковыя інспектары, якія праязджалі праз цэнтральную станцыю Будапешта, у адзін голас гаварылі, што камендант вакзала корміць і поіць, як бацька родны.
Ранкам наступнага дня эшалон яшчэ стаяў на станцыі. Прагучала пабудка, салдаты пачалі мыцца з кацялкоў каля помпаў. Генерал са сваім поездам таксама яшчэ не выехаў і пайшоў асабіста рэвізаваць прыбіральні. Сёння салдаты хадзілі сюды па загаду, які капітан Сагнер аддаў дзеля задавальнення генерал-маёра: «Аддзяленнямі, пад камандай аддзялённых камандзіраў». А каб задаволіць і паручніка Дуба, капітан Сагнер прызначыў яго на сёння дзяжурным.