Як бы там ні было (бо гэтыя абставіны ўсё адно ніяк не датычаць нашага здарэння), вядома, што грукатаўнцы, збольшага ўпэўненыя містэрам Мак-Вісусам, вырашылі ўрэшце разысціся па ваколіцы, каб адшукаць зніклага містэра Таўкачыні. Дакладней, гэта яны спачатку хацелі так зрабіць. Калі ж канчаткова пастанавілі, што пошукам быць, усе, натуральна, хацелі разысціся ў розныя бакі, разбіўшыся на групы дзеля як мага больш грунтоўнага агляду мясцовасці. І я, шчыра кажучы, забыў, якімі такімі майстэрскімі развагамі “мілы Чарлі” ў выніку ўпэўніў зборню, што такі план дзеянняў – самы неразважлівы. Карацей, упэўніў ён усіх, апроч містэра Мак-Вісуса, і шукаць усё ж вырашылі разам – з “мілым Чарлі” на чале.
Што да апошняй дэталі, то лепшага правадыра, чым “мілы Чарлі”, знайсці было немагчыма: усе ведалі, што ў яго вочы рысі. І хаця ён завёў грукатаўнцаў ва ўсе магчымыя глухія дзіры і куты, хаця ішоў сцежкамі, пра існаванне якіх зусім побач ніхто ніколі не падазраваў, хаця пошукі цягнуліся амаль тыдзень, не спыняючыся ні ўдзень, ні ўначы, ніякіх слядоў містэра Таўкачыні гараджане знайсці не змаглі. Гм, хаця я сказаў “ніякіх слядоў”, гэта не варта разумець літаральна, таму што сляды – у пэўным сэнсе – былі. Дарогу няшчаснага джэнтльмена грукатаўнцы прасачылі па слядах ад падковаў ягонага каня (з асаблівым кляймом) і прайшлі ад гарадка мілі тры на ўсход, апынуўшыся на дарозе, што вяла ў ***. Тут след паварочваў на бакавую сцежку, што бегла праз лес і зноў выводзіла на дарогу, скарачаючы маршрут на паўмілі. Ідучы па адбітках падковаў, гараджане набрылі на сажалку, напалову схаваную зарасцямі ажыны справа ад сцежкі, а на беразе сажалкі і так амаль нябачны след згубіўся зусім. Па мясцовасці было бачна, што тут адбывалася нейкая барацьба і хтосьці нібыта цягнуў сцежкаю нешта вялікае і цяжкое, нашмат большае і цяжэйшае за чалавечае цела, а затым утапіў гэта ў затоцы. Дно старанна прамацалі, але нічога не знайшлі. Засмучаныя няўдачай гараджане ўжо сабраліся былі сыходзіць, калі нейкая вышэйшая сіла падказала містэру О’Мілу ідэю адвесці з сажалкі ўсю ваду. Прапанову прынялі з ухвальнымі воклічамі, і не адзін адвесіў мноства кампліментаў кемнасці і праніклівасці “мілага Чарлі”. Многія гараджане выправіліся на пошукі з рыдлёўкамі, думаючы, што давядзецца, магчыма, выкопваць труп, таму ваду адвялі лёгка і хутка. І як толькі пачало віднецца дно, роўненька пасярод глею ўсе заўважылі камізэльку з чорнага аксаміту, у якой ледзь не кожны вокамгненна пазнаў уласнасць містэра Мак-Вісуса. Камізэлька была ўся падраная і запэцканая крывёй, і сярод шаноўнага таварыства знайшлося некалькі чалавек, якія ясна прыгадалі, што яна была на гаспадару акурат той раніцай, калі містэр Таўкачыні ад’язджаў у ***. А потым знайшліся іншыя, гатовыя, калі спатрэбіцца, пад прысягай пацвердзіць, што рэшту ўсяго таго векапомнага дня названага прадмету адзення на містэру Мак-Вісусу не было. І не знайшлося нікога, хто засведчыў бы, што містэр М. насіў гэтую камізэльку пасля знікнення містэра Таўкачыні.