Светлый фон

– Вось што я табе скажу, мілы Чарлі: ты, далібог, наймілейшы хлопец, якога я толькі ведаў у жыцці. І калі табе ўжо так падабаецца заліваць глотку менавіта гэтым віном, то каб мяне чэрці парвалі, калі я табе не прывалаку вялізную скрыню шато-марго. Каб мяне трасца трэсла, – у містэра Таўкачыні была заганная схільнасць да моцнага слоўца, хаця ён рэдка заходзіў далей за “каб мне тры пагібелі і адна трасца” альбо “каб мне зарвала ды залажыла”, – каб мяне трасца трэсла, – сказаў ён, – калі я сёння ж не пашлю ў горад па двайную скрыню найлепшага віна, што ў іх ёсць, і не ўвапру табе, далібог! І каб ні слова мне тут – я сказаў і дуды ў мех! Так што сачы – прыедзе ў адзін з гэтых пагодных дзянёчкаў, акурат тады, калі найменш чакаць будзеш.

Я адзначаю такі прыступ шчодрасці ў містэра Таўкачыні адзіна каб паказаць вам, якія блізкасць і згода панавалі ў сяброўскіх стасунках гэтых джэнтльменаў.

Таму, калі нядзельнай раніцай ні ў кога не засталося сумневаў, што містэр Таўкачыні стаў ахвяраю злачынства, не было чалавека больш занепакоенага, чым “мілы Чарлі О’Міл”. Калі ён даведаўся, што конь вярнуўся без гаспадара (і без седлавых сумак гаспадара таксама), у крыві ад пісталетнай кулі, што наскрозь прабіла грудзі беднай жывёліне, ледзь яе не забіўшы, – ён пабялеў так, нібыта толькі што страціў бацьку альбо любімага брата, і затрымцеў, і задрыжаў усім целам, як у ліхаманцы.

Спачатку трывожная вестка так ашаламіла яго, што ён не мог нават зварухнуцца, не кажучы ўжо пра тое, каб прапанаваць план дзеянняў, і таму доўга спрабаваў угаварыць астатніх сяброў містэра Таўкачыні не падымаць шуму, кажучы, што лепей крыху счакаць – хаця б тыдзень-другі, ну ці месяц-другі, пакуль усё само не высветліцца або пакуль містэр Таўкачыні сам не вернецца і не растлумачыць, чаго гэта ён адпусціў каня паперадзе сябе. Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што такое жаданне памарудзіць і пацягнуць час можна вельмі часта назіраць у людзей, прыгнечаных вялікай бядой. Іхны розум нібы дранцвее, і яны жахаюцца нават думкі пра дзеянне і ні пра што не мараць так, як пра тое, каб ціхамірна ляжаць у ложку і, як сказалі б дамы паважанага веку, “бяду-гора песціць” – гэта значыць абдумваць свае непрыемнасці.

Грукатаўнцы ж, усе да адзінага, былі такой высокай думкі пра мудрасць ды праніклівасць “мілага Чарлі”, што большасць схілялася да таго, каб з ім згадзіцца і не падымаць шуму, пакуль “штосьці само не высветліцца”, як выказаўся паважаны стары джэнтльмен. І я думаю, што так бы ўсе і зрабілі, калі б не вельмі падазронае ўмяшанне пляменніка містэра Таўкачыні, юнака вельмі несамавітых звычак і даволі сапсаванага нораву. Гэты самы пляменнік, прозвішча якога было Мак-Вісус, не захацеў слухаць ніякіх довадаў пра “ціхае ляжанне”, а настойваў на тым, каб неадкладна распачаць пошукі “цела забітага”. Так-так, менавіта гэта ён і сказаў, і містэр О’Міл не прамінуў заўважыць, што “словы гэтыя як найменш дзіўныя”. Назіранне “мілага Чарлі” ашаламіла ўсіх, і нават чулі, як адзін з гараджанаў не пасаромеўся спытаць, “як гэта малады містэр Мак-Вісус настолькі падрабязна знаёмы з абставінамі, звязанымі са знікненнем яго заможнага дзядзечкі, што насмельваецца сцвярджаць, выразна і недвухсэнсоўна, што сваяк яго забіты?” Зараз жа пасля гэтага ў кампаніі ўспыхнула сварка папалам з лаянкай, у якой асабліва выдзяляліся “мілы Чарлі” з містэрам Мак-Вісусам. Апошняе, зрэшты, нікога не здзівіла, бо паміж гэтымі двума вось ужо тры ці чатыры месяцы не было і намёку на прыязнасць, а аднойчы дайшло аж да таго, што містэр Мак-Вісус збіў з ног дзядзькавага сябрука – нібыта за празмерную вольнасць, якую той дазволіў сабе ў доме містэра Таўкачыні, дзе жыў і ягоны пляменнік. У адказ на гэта “мілы Чарлі”, сцвярджалі грукатаўнцы, прадэманстраваў узорную цярплівасць і міласэрнасць сапраўднага хрысціяніна. Ён падняўся, прывёў у парадак адзенне і не выказаў нават памкнення адпомсціць, адно прамармытаў нешта наконт “хуткай адплаты пры першай зручнай магчымасці” – натуральная і цалкам даравальная ўспышка гневу, якая нічога не значыць і, несумненна, тут жа забываецца, даўшы выхад эмоцыям.