Падзеі набылі вельмі непрыемны кірунак для містэра Мак-Вісуса, і падазрэнні ў дачыненні да яго перараслі ў непахісную ўпэўненасць, калі ён збялеў як палатно, а на пытанне, што ён можа сказаць у сваю абарону, так і не здолеў вымавіць ані слова. Адразу ж пасля гэтага тыя нешматлікія сябры, якіх не адштурхоўваў ягоны разгульны лад жыцця, умомант пакінулі яго ўсе да адзінага, а ў крыках з патрабаваннямі неадкладнага арышту містэра Мак-Вісуса пераўзышлі нават ягоных даўніх і зацятых ворагаў. А вось велікадушнасць містэра О’Міла заблішчала яшчэ ярчэй, і заіскрылася, і заззяла на гэтым фоне. Ён з выключным красамоўствам і палкасцю абараняў містэра Мак-Вісуса, не раз нагадаўшы, што сам ён шчыра дараваў шалёнаму маладому джэнтльмену – “спадкаемцу шаноўнага містэра Таўкачыні” – тое, што ён (малады джэнтльмен), безумоўна, у гнеўным запале, палічыў магчымым абразіць яго (містэра О’Міла). “Ён дараваў яму гэта, – казаў “мілы Чарлі”, – ад усяго свайго сэрца, і ён (містэр О’Міл), не схільны даводзіць да скрайнасці падазрэнні супраць містэра Мак-Вісуса, якія, на жаль, сапраўды вельмі сур’ёзныя, – са свайго боку прыкладзе любыя намаганні, выкарыстае ўвесь свой сціплы запас красамоўства, каб… каб… каб… улагодзіць (наколькі яму дазволіць сумленне) гэтую сапраўды цяжкую і неймаверна заблытаную справу.
У тым жа духу містэр О’Міл працягваў яшчэ з паўгадзіны, дэманструючы ўсю веліч як свайго розуму, так і сэрца. Але вы ж ведаеце гэтых мілых добрых хлопцаў: вельмі рэдка іх дзеянні супадаюць з іх намерамі, і яны заблытваюцца ў павуціне ўсіх магчымых хібаў, недачасоў і недамесцаў, ахопленыя гарачым жаданнем выратаваць сябра, – і таму самыя высакародныя ў свеце парывы зазвычай прыносяць невымерна больш шкоды, чым карысці.
Так было і тут: рытарычнае майстэрства “мілага Чарлі”, які з усяе сілы стараўся абяліць падазраванага, толькі пагоршыла становішча апошняга. Чамусьці так атрымлівалася, што кожнае слова, якое злятала з вуснаў аратара і відавочна, хоць і ненаўмысна, было скіраванае зусім не на тое, каб узвысіць гэтага самага аратара ў вачах слухачоў, – дык вось, кожнае слова толькі паглыбляла падазрэнні ў адрас таго, каго ён абараняў, і распальвала ярасць натоўпу.
Адной з самых невытлумачальных памылак адваката было згадванне падазраванага як “спадкаемцы старога заможнага джэнтльмена містэра Таўкачыні”. Раней гараджане пра гэта нават не задумваліся. Яны памяталі, як год ці два таму дзядзька пагражаў пазбавіць спадчыны пляменніка, апроч якога ў яго не было сваякоў, і, натуральна, лічылі гэтую справу скончанай – такімі вось прастадушнымі стварэннямі былі грукатаўнцы. Але заўвага “мілага Чарлі” змусіла іх раптам задумацца, а потым і прыйсці да высновы, што пагрозы цалкам маглі застацца толькі пагрозамі. І тут паўстала натуральнае пытанне “Cui bono?” – пытанне, якое мацней, чым тая камізэлька, звязвала маладога чалавека з жудасным злачынствам. На гэтым месцы дазвольце мне, каб не ўзнікла непаразуменняў, крыху адхіліцца ад тэмы і заўважыць, што ўжытую мною лацінскую фразу, такую кароткую і простую, нязменна перакладаюць і тлумачаць няправільна. “Cui bono?” – гэтую фразу ва ўсіх выбітных і ўсялякіх іншых раманах (напрыклад, у раманах місіс Гор*, аўтаркі “Сесіла”, якая прыводзіць цытаты на ўсіх магчымых мовах – ад халдэйскай да гаворкі племені чыкаса – і паслугуецца ў сваіх штудыях, “па меры неабходнасці” і паводле сістэматычнага плану, працамі містэра Бэкфарда) – ва ўсіх гэтых раманах, як я сказаў, ад выбітных Булвер-Літана і Дыкенса да ўсялякіх іншых Булвер-Літана і Дыкенса і аж да розных там эйнсвартаў* і ганідаляраў, два кароткія лацінскія словы “cui bono” ператвараюцца ў “з якой мэтай?” альбо, нібыта гэта нейкае “quo bono”, у “дзеля чыйго дабра”. Сапраўднае ж значэнне гэтых словаў – “каму выгадна”.