У выніку містэра Мак-Вісуса арыштавалі на месцы, і ўвесь натоўп, яшчэ крыху пакруціўшыся ў пошуках чаго-небудзь, рушыў дадому, ведучы віноўніка пад вартай. А па дарозе здарылася тое, што пацвердзіла ўсеагульныя падазрэнні. Містэр О’Міл, якога імпэт змушаў увесь час трымацца крыху паперадзе астатніх, раптам сарваўся з месца, прабег некалькі крокаў, нахіліўся і, відавочна, падабраў з травы нейкі невялікі прадмет. Ён хутка агледзеў знаходку і зрабіў нешта накшталт слабой спробы схаваць яе ў кішэню паліто, але пацярпеў няўдачу, бо яго заўважылі і, безумоўна, спынілі. Знаходка аказалася гішпанскім нажом, у якім з дзясятак чалавек адразу ж пазналі ўласнасць містэра Мак-Вісуса. А на тронках былі выгравіяваныя ягоныя ініцыялы. Нож быў раскрыты, усё лязо – у крыві.
Цяпер ужо ў віне пляменніка не заставалася ніякіх сумневаў, і па прыбыцці ў Грукатаўн яго неадкладна адвялі на допыт да следчага.
Тут падзеі набылі яшчэ больш непрыемны паварот. Арыштаваны, калі ў яго спыталі, дзе ён быў раніцай, у якую знік містэр Таўкачыні, з неверагодным нахабствам паведаміў, што тае самае раніцы ён паляваў са стрэльбай на аленяў акурат каля сажалкі, дзе ягоную запэцканую крывёй камізэльку адшукалі дзякуючы кемлівасці містэра О’Міла.
Тут апошні выступіў наперад і са слязьмі на вачах папрасіў дазволу сведчыць. Ён паведаміў, што няўмольнае пачуццё абавязку як перад Творцам сваім, так і перад суграмадзянамі больш не дазваляе яму захоўваць маўчанне. Да гэтага моманту шчырая прыхільнасць да маладога чалавека (нягледзячы на кепскае абыходжанне апошняга з ім, містэрам О’Мілам) змушала яго прымаць любыя гіпотэзы, якія толькі магло падказаць уяўленне, у празе хоць неяк растлумачыць тое, што здавалася падазроным у абставінах, калі ўсё гаварыла супраць містэра Мак-Вісуса. Аднак адкрываюцца факты такія пераканаўчыя, такія выкрывальныя, што ён вымушаны адкінуць сумневы і расказаць усё, што ведае, хаця ягонае (містэра О’Міла) сэрца гатовае проста разарвацца на часткі ад скрухі. І містэр О’Міл заявіў, што напярэдадні ад’езду містэра Таўкачыні ў суседні горад шаноўны стары джэнтльмен у размове з пляменнікам, наколькі ён (містэр О’Міл) змог пачуць, спамянуў, што ў горад ён заўтра едзе, каб пакласці на рахунак у “Сельскагаспадарчым і прамысловым банку” вельмі вялікую суму, і што тут жа вышэйпамянёны містэр Таўкачыні адназначна паведаміў вышэйпамянёнаму пляменніку пра сваё канчатковае рашэнне ануляваць напісаны раней тэстамент, не пакінуўшы містэру Мак-Вісусу ні шылінга. І тут ён (у сэнсе сведка) урачыста заклікаў абвінавачванага адказаць, праўдай ці няпраўдай ва ўсіх істотных дэталях ёсць тое, пра што ён (зноў жа сведка) толькі што заявіў. На вялікае здзіўленне ўсіх прысутных, містэр Мак-Вісус шчыра пацвердзіў праўдзівасць сказанага.