Следчы палічыў сваім абавязкам паслаць некалькі паліцэйскіх з тым, каб яны абшукалі пакой абвінавачванага ў доме ягонага дзядзькі. Тыя вярнуліся амаль адразу і прынеслі вядомы кожнаму грукатаўнцу чырвоны скураны партманэт з металічнай акантоўкай, з якім стары джэнтльмен не расставаўся ўжо шмат гадоў. Нічога каштоўнага там, аднак, не было, і следчы беспаспяхова спрабаваў выпытаць у арыштаванага, што сталася са змесцівам альбо дзе яно цяпер. Безумоўна, той упарта адмаўляў, што яму хоць нешта пра гэта вядома. А яшчэ паліцэйскія знайшлі пад матрацам няшчаснага кашулю і шыйную хустку, на абедзвюх – ініцыялы і жудасныя плямы крыві ахвяры.
У гэты момант прынеслі вестку, што конь забітага толькі што сканаў у стайні ад наступстваў атрыманай раны, і містэр О’Міл прапанаваў неадкладна правесці ўскрыццё жывёліны, каб адшукаць кулю, калі атрымаецца. Так і зрабілі, і вось нібыта для таго, каб зніклі апошнія падазрэнні ў вінаватасці містэра Мак-Вісуса, у грудзіне каня містэр О’Міл пасля старанных пошукаў урэшце адшукаў і выцягнуў кулю вельмі незвычайнага памеру, і яе калібр дакладна супаў з калібрам стрэльбы абвінавачванага, а такой не было больш ні ў кога ў горадзе і ваколіцах. Да ўсяго, на кулі выявілі драпіну ці насечку, што праходзіла пад прамым вуглом да звычайнага шва, а расследаванне паказала, што гэтая насечка ўтвараецца акурат ад выпадковага выступу ці няроўнасці ў ліцейных формах, якія, як прызнаў сам абвінавачваны, належалі менавіта яму. Адразу пасля агляду кулі следчы адмовіўся слухаць далейшыя паказанні і тут жа прызначыў судовае разбіральніцтва. Ён рашуча адмовіўся выпускаць арыштаванага пад заклад, хаця містэр О’Міл вельмі кранальна пратэставаў супраць такой жорсткасці і абяцаў унесці любую суму, якую запатрабуюць. Гэта было так шчодра з боку “мілага Чарлі” і так адпавядала яго заўсёдным прыязным і рыцарскім паводзінам, якіх ён трымаўся ад самага свайго прыезду ў Грукатаўн! Шаноўным джэнтльменам цалкам завалодалі ўсёахопныя сардэчнасць і спагада, і ён, прапануючы заклад за свайго маладога сябра, здавалася, зусім забыўся, што ён (містэр О’Міл) сам не мае за душой ні даляра.
Далейшае развіццё падзеяў прадказаць няцяжка. Містэр Мак-Вісус пад гучныя праклёны ўсяго гарадка паўстаў перад крымінальным судом, і ланцужок ускосных доказаў (разарваць яго стала яшчэ цяжэй дзякуючы некаторым дадатковым выкрывальным фактам, утойваць якія ад суду містэру О’Мілу не дазволіла абвостранае пачуццё справядлівасці) выглядаў так бясспрэчна і абсалютна пераканаўча, што прысяжныя не сыходзячы з месца адразу ж агучылі вердыкт: “вінаваты ў забойстве з абцяжарвальнымі абставінамі”. Неўзабаве няшчаснаму вынеслі смяротны прысуд і змясцілі ў акруговую турму, дзе ён мусіў чакаць няўмольнай кары закона.