Праз некаторы час спрытны служка ў ліўрэі прынёс садавіны, віна і іншых пачастункаў, якія я пакаштаваў; неўзабаве маладая лэдзі выйшла з пакоя, і я запытальна паглядзеў на гаспадара.
– О не, – сказаў ён, – не, што вы, гэта ж мая сваячка – пляменніца, вельмі паважаная жанчына.
– Вельмі выбачаюся за такое падазрэнне, – адказаў я, – але ж у мяне ёсць апраўданне. Вашая незвычайная сістэма кіравання добра вядомая ў Парыжы, таму я палічыў магчымым, што… што…
– Так-так, можаце больш нічога не казаць, мне нават варта падзякаваць вам за вашую ўхвальную асцярожнасць. Такую разважлівасць нячаста сустрэнеш у маладых людзях. У нас здараліся праблемы, выкліканыя легкадумнасцю некаторых нашых наведнікаў. Калі дзейнічала мая старая сістэма і пацыентам было дазволена гуляць туды-сюды як заманецца, іх часта ўводзілі ў небяспечны шал неразважныя асобы, якія прыходзілі агледзець дом. Гэта змусіла мяне ўвесці строгую сістэму абмежаванняў, і цяпер доступ сюды атрымлівае толькі той, у чыёй абачлівасці я магу быць упэўнены.
– Калі дзейнічала вашая старая сістэма… – паўтарыў я ягоныя словы. – Ці правільна я разумею, што «сістэма палёгкі», пра якую я так шмат чуў, скасаваная?
– Вось ужо некалькі тыдняў, як мы пастанавілі адмовіцца ад яе назаўсёды, – адказаў ён.
– Няўжо праўда?! Вы шалёна мяне здзівілі!
– Сэр, – сказаў ён уздыхнуўшы, – мы палічылі абсалютна неабходным вярнуць ранейшыя парадкі. Патуранні ва ўсе часы пагражалі страшэннай небяспекай, а іх карысць значна перабольшвалася. Я лічу, сэр, што для гэтай установы такая сістэма сталася значна большым выпрабаваннем, чым для любой іншай. Мы заўсёды дзейнічалі ў межах разумнае гуманнасці. Шкада, што вы не наведалі нас раней, каб мець магчымасць пра ўсё меркаваць самастойна. Але вы, здаецца, добра знаёмы з сістэмай палёгкі.
– Не зусім. Я атрымаў звесткі з трэціх ці чацвертых рук.
– Тады я ў агульных рысах вам пра яе раскажу. Значыцца, пацыенты былі такімі сабе