Рэч у тым, што пасля смерці містэра Таўкачыні містэр О’Міл страціў усялякую надзею на абяцанае шато-марго і таму расцаніў яго атрыманне цяпер як боскай воляю спасланы яму своеасаблівы падарунак. Душа ягоная ўзвесялілася неймаверна, і ад радасці, што проста біла цераз край, містэр О’Міл надумаў зладзіць назаўтра
Доўгачаканы наступны дзень прыйшоў у дом містэра О’Міла разам з вялікай і выключна рэспектабельнай кампаніяй. Сабралася як найменш палова гарадка (і я там быў), але, да немалой прыкрасці гаспадара, шато-марго прывезлі позна: да гэтага часу госці паспелі аддаць амаль усё належнае раскошнаму пачастунку “мілага Чарлі”. Урэшце яна прыбыла – жудасна вялікая скрыня, скажу я вам. Кампанія ўжо была ў найлепшым з добрых настрояў, таму ўсцягнуць скрыню на стол і неадкладна яе растрыбушыць пастанавілі
Сказана – зроблена. Я таксама прыклаў руку да дзейства, і праз імгненне скрыня ўжо стаяла на стале паміж бутэлькамі і шклянкамі, вельмі нямногія з якіх ацалелі ў няроўнай сутычцы з ёй. “Мілы Чарлі”, які добра-такі наклюкаўся і празмерна расчырванеўся, з пацешнай фанабэрыяй сеў на галоўнае месца і ярасна закалаціў па стале графінам, заклікаючы кампанію да парадку “падчас цырымоніі ўскрыцця цела скарбу”.
Пасля некалькіх гучных заклікаў суняцца госці ўрэшце паслухаліся, і, як часта здараецца ў такіх выпадках, у пакоі запанавала абсалютная і шматзначная цішыня. Просьбе дапамагчы ададраць вечка скрыні я падпарадкаваўся з найвялікшай ахвотай. Я ўставіў у шчыліну долата і некалькі разоў асцярожна стукнуў па ім малатком. Раптам вечка адляцела, і тварам да гаспадара дому, рэзка падскочыўшы, сеў акрываўлены, пакрыты ранамі і ўжо са слядамі гніення труп містэра Таўкачыні. Некалькі імгненняў ён маркотна ўзіраўся згаслымі напаўсатлелымі вачыма ў твар містэра О’Міла, а потым павольна, але выразна і ясна вымавіў: “Ты – той чалавек!”, пасля чаго, нібы цалкам задаволены сказаным, пераваліўся праз край скрыні, раскідаўшы рукі па стале.