Светлый фон

Тое, што адбылося потым, немагчыма апісаць. Цісканіна ля дзвярэй і вокнаў усчалася страшная, а многія моцныя хлопцы ад скрайняга жаху самлелі проста ў пакоі. Але пасля першага выбуху шалёнай панікі ўсе позіркі скіраваліся на містэра О’Міла. І хоць бы я пражыў тысячу гадоў, я ніколі не забуду таго выразу смяротнай агоніі на ягоным жахліва бледным твары, яшчэ хвіліну таму румяным ад віна і трыюмфу. Некалькі імгненняў ён сядзеў застылы, як мармуровая статуя, а яго жудасна пусты позірк, скіраваны ўнутр, здавалася, засяроджана сузіраў мізэрную і нікчэмную душу забойцы. Урэшце, нібыта вяртаючыся ў вонкавы свет, злачынца з раптоўным бляскам у вачах рэзка ўскочыў з крэсла і цяжка наваліўся на стол, так, што дакрануўся да трупа, і з ягоных вуснаў палілася блытаная і жарсная споведзь з усімі падрабязнасцямі жахлівага злачынства, за якое містэр Мак-Вісус быў увязнены і асуджаны на смерць.

А расказаў злачынца наступнае. За сваёй ахвярай ён ехаў амаль да самай сажалкі і там стрэліў у каня з рэвальвера, забіў вершніка ударам дзяржальна, забраў ягоны партманэт і, думаючы, што конь мёртвы, з вялікай цяжкасцю адцягнуў яго да зарасцяў ажыны ля сажалкі. Цела містэра Таўкачыні ён звёз на ўласным кані і закапаў яго ў зацішным месцы далёка ў глыбіні лесу.

Камізэльку, нож, партманэт і кулю ён падкінуў, каб адпомсціць містэру Мак-Вісусу, і зрабіў так, каб акрываўленыя кашулю і шыйную хустку містэра Таўкачыні знайшлі ў ягонага пляменніка.

Па меры заканчэння аповеду, ад якога халадзела кроў, забойца гаварыў усё больш перарывіста і глуха. І калі ўсе паказанні былі вычарпаныя, ён падняўся, адхіснуўшыся ад стала, і ўпаў мёртвы.

Спосаб, з дапамогай якога было вырванае гэтае своечасовае прызнанне, быў, нягледзячы на сваю дзейснасць, вельмі просты. Празмерная прыязнасць містэра О’Міла заўсёды выклікала ў мяне агіду, і падазраваць яго я пачаў адразу. Я прысутнічаў пры тым, як містэр Мак-Вісус яго ўдарыў, і выраз д’ябальскай злосці на ягоным твары, хоць і знік амаль адразу, упэўніў мяне, што пры першай жа магчымасці гэты чалавек бязлітасна адпомсціць. Таму я змог паглядзець на хітрыкі “мілага Чарлі” зусім пад іншым вуглом, чым добрыя грукатаўнцы. Я адразу заўважыў, што ўсе знойдзеныя выкрывальныя доказы так ці іначай былі звязаныя з ім. Але канчаткова зразумела мне ўсё стала пасля таго, як містэр О’Міл знайшоў кулю ў целе каня. У адрозненне ад грукатаўнцаў, я не забыў, што на жывёліне былі дзве раны: першая з’явілася, калі куля ўвайшла ў яе цела, другая – калі выйшла. Калі куля, якая прайшла навылёт, апынулася ўнутры трупа, то ясна, што яе падкінуў той, хто яе знайшоў. Акрываўленыя кашуля і шыйная хустка пацвердзілі падазрэнні, выкліканыя куляй (што да крыві, то яна па ўважлівым аглядзе аказалася не чым іншым, як цудоўным кларэтам). Калі я ўсё гэта абдумаў, ды яшчэ і заўважыў потым узрослую шчодрасць і гэтак жа ўзрослыя выдаткі містэра О’Міла, я ўпэўніўся ў сваіх падазрэннях, якія зусім не аслабелі ад таго, што я нікому пра іх не расказваў.