У той жа час я ў адзіночку старанна шукаў цела містэра Таўкачыні – шукаў, са зразумелых прычынаў, у месцах, найбольш аддаленых ад тых, якімі вадзіў сваіх прыхільнікаў містэр О’Міл, і праз некалькі дзён натрапіў на стары высахлы калодзеж, амаль цалкам схаваны ажынавымі кустамі. На яго дне я і знайшоў тое, што шукаў.
А яшчэ выйшла так, што я падслухаў размову двух сябрукоў, у якой містэр О’Міл змудрыўся выдурыць у шчодрага гаспадара абяцанне падараваць яму скрыню шато-марго. Гэтым я і скарыстаўся. Я здабыў тугі кавалак кітовага вуса, запіхаў яго ў глотку трупа, а труп паклаў у старую скрыню з-пад віна, пастараўшыся сагнуць цела так, каб сагнуўся і кітовы вус. Такім чынам, мне давялося моцна націскаць на вечка, прыбіваючы яго цвікамі. Я ведаў, што варта толькі іх выцягнуць – і вечка адляціць, а цела выпрастаецца.
Падрыхтаваўшы скрыню, я яе падпісаў, пранумараваў і паслаў, пра што было расказана вышэй, а потым напісаў ліст ад імя вінагандляроў, чыім кліентам быў містэр Таўкачыні. Таксама я наказаў свайму служку падвезці скрыню да дзвярэй містэра О’Міла толькі пасля таго, як я падам яму знак. Што да словаў, якія мусіў вымавіць труп, то тут я быў упэўнены ў сваім таленце чэрававяшчальніка: з яго дапамогай я і разлічваў вырваць у забойцы прызнанне.
Здаецца, тлумачыць больш няма чаго. Містэр Мак-Вісус быў вызвалены з вязніцы, атрымаў дзядзькаву спадчыну, зрабіў высновы з усяго, што здарылася, пачаў новае жыццё і пражыў яго спакойна й шчасліва.
Пераклала Кацярына МаціеўскаяПераклала Кацярына Маціеўская
Сістэма доктара Смола і прафесара Пер’е
Сістэма доктара Смола і прафесара Пер’е
Увосень 18** года, падчас падарожжа па самым поўдні Францыі, я апынуўся за некалькі міляў ад аднае