Светлый фон
maison de santé

Я падзякаваў. Мы збочылі на зарослую травою сцяжыну, якая ішла ўздоўж падножжа гары і праз паўгадзіны стала ледзь бачная сярод густога лесу. Мы праехалі праз цёмны, панылы гушчар каля дзвюх міляў, калі ўбачылі перад сабою maison de santé. Гэта быў дзівосны замак, у некаторых месцах напаўразбураны, які быў такі стары й занядбаны, што яго наўрад ці можна было здаваць у арэнду. Убачыўшы будынак, я мімаволі скалануўся і, спыняючы каня, ледзьве не павярнуў назад. Аднак адразу ж засаромеўся свае слабасці і рушыў далей.

maison de santé

Калі мы пад’ехалі да брамы, я заўважыў, што яна крыху прачыненая, а праз шчыліну вызірае нейкі чалавек. Праз імгненне ён выйшаў наперад, звярнуўся да майго спадарожніка па імені, сардэчна паціснуў яму руку і запрасіў увайсці. Гэта быў сам мсьё Маяр – мажны, прыемнага выгляду джэнтльмен старое закваскі з вытанчанымі манерамі, паважнасць і годнасць якога моцна ўражвалі.

Мой таварыш, прадставіўшы мяне, згадаў пра маё жаданне агледзець лякарню, выслухаў запэўніванні мсьё Маяра пра тое, што ўся ўвага будзе належаць мне, развітаўся, і больш я яго не бачыў.

Калі ён паехаў, дырэктар правёў мяне ў маленькую, вельмі акуратную гасцёўню, у якой разам з іншымі праявамі вытанчанага густу я ўбачыў шмат кніг, малюнкаў, вазаў з кветкамі і музычных інструментаў. Яркі агонь весела палаў у каміне. За фартэп’яна сядзела маладая і вельмі прыгожая жанчына, якая спявала арыю Беліні, але змоўкла, калі я ўвайшоў, прывітаўшы мяне з ветлівай далікатнасцю. У яе быў ціхі голас, а ў паводзінах я заўважыў нейкую прыгнечанасць. Мне здалося таксама, што цень смутку ляжаў на яе твары, празмерна бледным, але ад гэтага не менш прывабным, як на мой густ. Яе жалобны строй абудзіў ува мне змяшанае пачуццё павагі, цікаўнасці і захаплення.

У Парыжы мне даводзілася чуць, што ва ўстанове мсьё Маяра дзейнічае так званая «сістэма палёгкі», што ўсе пакаранні скасаваныя, абмежаванні ўжываюцца вельмі рэдка, а пацыенты, за якімі таемна назіраюць, карыстаюцца ўяўнай свабодаю: многія з іх могуць гуляць па доме і садзе, апранутыя ў звычайнае адзенне, быццам ніякія не вар’яты.

Маючы ўсё гэта на ўвазе, я быў асцярожны, размаўляючы з маладою лэдзі, бо не быў упэўнены, што яна здаровая, да таго ж нейкі трывожны бляск у яе вачах амаль упэўніў мяне ў адваротным. Я ўважліва сачыў за сваімі словамі, гаворачы толькі на агульныя тэмы, якія не маглі раздражніць ці ўсхваляваць нават вар’ята. На ўсё, што я гаварыў, яна адказвала выключна разумна, і нават яе незвычайныя назіранні сведчылі пра непахісна здаровы сэнс; але доўгае знаёмства з метафізікаю шаленства навучыла мяне не даваць веры такім доказам нармальнай псіхікі, і я па-ранейшаму прытрымліваўся ў размове той абачлівасці, якую абраў з самага пачатку.